П’ЕЗАЭЛЕКТРЫ́ЧНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ, п’езаэлектрыкі,

мона- і полікрышталічныя рэчывы з добра выражанымі п’езаэлектрычнымі ўласцівасцямі (гл. П’езаэлектрычнасць). Адносяцца да дыэлектрыкаў, ідуць на выраб элементаў п’езаэлектрычных пераўтваральнікаў.

Падзяляюцца на 2 групы: п’езаэл. монакрышталі (кварцу, сегнетавай солі, тытанату барыю і ўсе сегнетаэлектрыкі ў палярнай фазе) і п’езакераміку (полікрышталічныя цвёрдыя растворы на аснове тытанату барыю, кальцыю і кобальту, ніабату барыю і свінцу і інш., палярызаваныя ў эл. полі). Крышталі П.м. вырошчваюць з раствораў ці расплаваў або выкарыстоўваюць прыродныя (напр., кварц). Найб. пашырана з П.м. п’езакераміка, якая мае моцны п’езаэфект, значную стабільнасць, высокую мех. трываласць і ўстойлівасць да знешніх уздзеянняў, простая па вырабе. Выкарыстоўваюцца П.м. для стварэння актыўных элементаў электрамех. і электраакустычных п’езаэл. пераўтваральнікаў, фільтраў, стабілізатараў, генератараў і прыёмнікаў ультрагукавых ваганняў і інш.

П.​А.​Пупкевіч.

т. 12, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)